Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Каханак Восені

Шчодра дорыць дні кахання восень —
быццам золатам вышэйшай пробы.
Гэта якасць і маіх адносін
да яе як боскае асобы.
Быць каханкам палкім не стамлюся
з прыма-прыгажуняй Беларусі.

Хто кахаў, той сціплы на прызнанні,
бо няма кахання без даверу.
Я губляў прытомнасць у каханні —
можа, гэта й ёсць каханню мера?
Восень мне спакусліва шапоча:
навучыць кахаць па-боску хоча.

Гэй, душа, не йрвіся порстка ў высі —
і з малітвай будзеш там пранырай.
Там цяпер птушыныя абрысы —
птушкі ў зграях даюць дзёру ў вырай.
Моташна душы ў рабрынах-клетцы…
Восень з тых маіх пакут смяецца.

А хіба каханне ёсць без суму?
Скуль жа ён? І што яму прычынай?
Можа, пах французскае парфумы
ад шляхетнай полацкай жанчыны?
Восень зазлуе, дажджом астудзіць:
а ці будзеш?! а ці будзеш?! а ці будзеш?!.

Я пралюбадзейнічаў з каханай
і кпіў з Бібліі, якую склалі людзі
пра свае адвечныя заганы —
рай спаскудзілі ж… І зямлю спаскудзяць!
Восень спахмурнее чорна-шэра,
раіць ведаць у каханні меру.

Гэта класіка: ў каханні слодыч мёду.
Зноў класічнае — і гарката палыну.
Я ж адкрыў у каханні пару году,
ды яшчэ з характарам жанчыны.
Восень міласціва падпускае к пясці —
вуснамі к Вялікасці прыпасці!

Я ў каханні непапраўны дурань,
хоць і быў нярэдка вельмі смелы.
Толькі гэтак пра сябе падумаў —
Беларусь напраўду стала белай.
Восень схаладнее, як адрыне:
на, вяртайся да сваёй Айчыны!

Мабыць, ёсць каханне і без суму.
Ўтульна ў доме полацкай жанчыны.
Млосны пах французскае парфумы…
Не, для суму ўсё-ткі ёсць прычыны.
Падыду к Айчыне, ціха ўткнуся ў плечы.
Побач восень шэпча: “Да суст-рэ-чы-ы…”.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Каханак Восені - Лявон Неўдах