Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мне помніцца студзеньскі вечар

Мне помніцца студзеньскі вечар,
Што ладзілі сябры мае,
І першая наша сустрэча,
І жвавыя вочы твае.

Я стрэў іхны позірк адразу,
Як казку, як ваблівы сон;
Хацелася зь імі быць разам
Шмат радасных ночаў і дзён.

Так блізка і гэтак далёка
Была ты. Адвагі ня меў,
А глянуць глыбока-глыбока
Я ў самыя вочы хацеў.

Бы сон, адляцелі дні тыя,
А зь імі – і радасьць, і сум.
Былога ўспаміны жывыя
У сэрцы сваім я нясу.

Нясу… хоць за тысячы гоняў
Ад бацькаўcкіх гоняў цяпер.
Штодня – ў адзіноцтва палоне,
Мне сумна тут, Ніна, павер.

А ты… там цяпер, дзе прыгожасьць
Прастораў ля Гайны-ракі;
Згадаю – мне сэрца трывожыш,
Віеш успамінаў вянкі…

І сёньня спаткаў я дзяўчыну
У гэтай чужой старане,
Хацелася крыкнуць ёй: Ніна!
Ды потым стрымаў сябе… – не!

А вельмі падобная… тая
Паходка і рухі, той склад…
Стан стройны… усьмешка такая-ж
І гэткі-ж блакітны пагляд.

Адкуль яна? Можа зь мясьцінаў
Маёй незабытнай зямлі?
Кудой і шляхамі якімі
Папала сюды і калі?

А я на дзяўчыну нясьмела
Зірнуў і вачыма правёў…
І сэрца маё зашчымела
Тугой па радзіме сваёй;

Па нівах – прыгожых кілімах,
Па ўзгорках, крыніцах, лясох;
Тугой па дзяўчыне любімай,
Па ейных блакітных вачох.

Ах вочы, блакітныя вочы,
Зь якой вы такой стараны?
Чаму вы ў спакойныя ночы
Мае непакоіце сны?

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Мне помніцца студзеньскі вечар - Алесь Салавей