Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Русалка

Мяжою вузкаю ішоў я родным полем,
Мой хмуры твар чапалі жыта каласы,
Шапталі мне яны чароўну казку волі,
Манілі на прастор – у свет жыцця красы…
Пеў пташак стройны хор у паднябеснай высі,
А на зямлі трашчалі кавалі-стракозы…
Шмат кветак між травы вяночкамі спляліся…
I пах свой разлілі, каб быў я нецвярозы…
Хацелася мне пець… хацелася маліцца,
Хацелася за ўсё прынесці свету дар…
Зірнуў я ў сіню даль… аж бачу, мітусіцца
Між хвалі каласоў дзяўчыны белы твар.
Застукала ў грудзях… туман спавіў мне вочы…
Хацеў я уцякаць, нібы яе не бачыў…
Яна ж – жывая здань… Жартуе і рагоча
I бліжай да мяне, падняўшы рукі, скача.
Прыгожы, гібкі стан, а вочы – нібы зоркі,
А валасы – нібы травы шаўковай пук…
I чую раптам я салодкі спеў гаворкі,
Які і узбудзіў у грудзях сэрца стук.
“Прыгожы, мілы мой, ідзі у хвалі жыта,
Спазнаеш ласку ты загінуўшай дзяўчыны.
З красою гэтых ніў душою будзеш зліты…
Я веру, дарагі, што тут мяне не кінеш.
Ці помніш ты лясок, гамонку дрэў шумлівых,
Ці помніш погляд зор у вечнай сіняве,
Калі ў каханні ты мне кляўся жартаўліва
Пад ззяннем месяца ля рэчкі на траве?
Ці помніш, калі ноч свае паслала чары,
Як шчадна прыхіліў к гарачым губам шчокі?
I рой дзявочых дум разнёс, як вецер хмары,
I шчасце ты спазнаў там з птушкай сінявокай.
Спазнаў мяне?.. Няўжо мінулае каханне
Загінула ў цябе?.. Твой дух жывы
Не думаў мець са мною тут спаткання,
Каб шчасце зноў спазнаць у полі між травы?..
Ідзі ка мне!..” “Яна!.. Загінь жа ты, загінь…
Яшчэ вясною… ты ў рэчцы затанула…
Але твой твар… твой погляд вочак сініх…
“Ідзі ка мне” паціху, як тады, шапнула”…
“Ага, спазнаў!..” – панёсся рогат гучным звонам,
У шуме каласоў далёка дзесь заціх…
“Ратуйце!..” – крыкнуў я, нібы шалёны,
Калі сустрэўся зірк яе вачэй жывых…
…I помню, як праз сон, я дзіўны свіст у полі,
Як віхар гнуў к зямлі калоссі ўсе сцяною,
А ў небе гром грымеў так моцна, як ніколі,
I нейкі баль чарцей спраўляўся нада мною…
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Калі прачнуўся я – была ўжо ціша ночы…
Нібы крылом якім зямлю акутаў змрок…
Мне страшна і цяпер… Здаецца, зноў рагоча,
Як вецер данясе калоссяў шум здалёк…
Здаецца, бачу я яе, нібы жывую,
Здаецца, зноў к сабе, чаруючы, гукае…
I ўспамінаю я дзяўчыну маладую,
Што, кінуўшыся ў вір, русалкаю гуляе…
Дзяўчынкаю была… Калісь мяне кахала,
I я яе кахаў, але кахаў на смех…
Цяпер яе няма… А здань яе паўстала,
Каб помсту цяжкую мне учыніць за грэх…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Русалка - Міхась Чарот
«