Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мемарыяльныя дошкі

Я змераў Мінск і ўпоперак і ўдоўжкі,
Спазнаў усе завулкі, тупікі…
I ўсюды бачу дошкі, дошкі, дошкі,
Прыбітыя, здаецца, на вякі.

Каля адных праходжу ціха міма,
Каля другіх зусім спыняю крок…
Зноў лістапад,
I ноч,
I зноў пад Мінскам
Рэвалюцыйны вее вецярок.

Далёкая суровая узнёсласць,
Мяне ты хвалявала ўжо не раз.
Вось тут Свярдлоў
Ад Леніна прынёс нам
I праўду,
I параду,
I наказ.

Тут Фрунзе пасылаў свае атрады
Раззброіць жандармерыю,
А там
Узводзілі мінчане барыкады,
Жыццём сваім.
Шлях церабілі нам…

Наўкол гамоніць племя маладое,
Я сёння іх ні ў чым не папракну.
Я ведаю:
Ад нас пяройдзе ўсё ім –
Цяжар жыцця
I праўда пра вайну.

Ад песень і ад смеху гулкі пошчак…
Ды прыйдзе непазбежны сталы час,
I каля гэтых непрыкметных дошчак
Яны яшчэ прыпыняцца не раз.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Мемарыяльныя дошкі - Пiмен Панчанка