Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Поплаў

Сярод высокай травы і красак
вядзе мяне маці
па поплаве
Гэта смолкі,
паказвае яна.
А гэта зязюльчыны слёзкі.
А вось гэта – ястрэц.
А ў той кветкі няма назвы,
бо яна –
кветка твайго лёсу і
ты сам назавеш яе,
калі вырасцеш.
Гуляе па поплаве вецер,
Боязна мне:
а раптам,
пакуль вырасту,
скосяць кветку і не паспею
даць ёй наймення?

Маўчыць маці.
Мацнее вецер.
Стаю самотны
на сенажаці.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Поплаў - Уладзімір Арлоў