Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Рубайкі

Будзь спакойным. На зло і дабро не зважай.
Пазабыла каханая – зрынь свой адчай,
Закуры нетаропка, з прыродаю зліся,
Лёгкакрылыя ў неба калечкі пускай.

Мы за стол гэты селі, каб славіць віно.
Мы і раньш не стамляліся славіць віно.
Ды гляджу я, у нас тут апошняя кварта…
Як жа дальш мы збіраемся славіць віно?

Гэты збан быў калісьці дзівоснай Зухрой.
Кубкам гэтым Джамшыд стаў, вялікі герой.
А вось гэтая чаша была яснай Лейлай…
Знаць, і я колісь буду пасудай якой.

Прытуліла ў спякоту мяне чайхана.
Я піў чай з піалы… раптам шэпча яна:
“О, мой друг, я дзяўчынай была светлалікай…
Выпівай жа мяне… Зацалуй дап’яна…”

Гэты вузкі аблезлы пашчэрблены збан
Быў калісьці пыхлівы, раскормлены пан.
Захачу – разаб’ю, захачу – кіну ў смецце,
Захачу – на базары дзяшова прадам.

Можа стацца: у прышласці нейкі вахлак
З мяне выляпіць посуд, гаршчок ці мо гляк,
Ткне пад ложак мяне, каб уночы выцягваць…
О, што хочаш, Тварэц, але толькі не так!

Хай шыпіць і марнее ад злосці ханжа!
П’ю не попусту я – прагне ўведаць душа:
Што па сілах мне? Дзве, тры кварты? Болей?
Дзе парывам маім палягае мяжа?

Ты адыдзеш у дол… Ды прарочыць мудрэц,
Што зямному быццю тое шчэ не канец.
Станеш глінаю ты. З цябе вылепяць печку.
На табе нехта косці свае будзе грэць.

Чым дарэмнай прамудрасці ў кнігах шукаць,
Лепш з вясёлай красуняй на траўцы ляжаць.
Піць з чароўнай віно, заглядаць ёй у вочы,
Памаленьку гарсэцік яе расшпіляць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Рубайкі - Фёдар Лашкевіч