Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Еш, дурань, бо то з макам

Была ў мяне калісьці цётка –
Ну й добрая ж (хай лёгка ёй ікнецца)!
У душу гатова ўлезці, здэцца:
Вось так і клыпае, як тая кураводка,-
Схаваць гатова пад крыло.
Даўно ўжо гэта ўсё было,
I цётку помню мала я,
Але што цётухна Магрэта
Была ў нас гаспадыня “ўдалая”,
Дык добра помню гэта.
Калі ў яе часамі страва
Выходзіла няўдала,
Тады заўсёды яна справу
Акрасай папраўляла.
Пры гэтым гутаркі было там больш, як смаку:
Насыпле канапель ці маку,-
Якая, чорта, там яда!..
Бывала (веры ці дасце?),
Ясі, а ў роце аж расце,
Але ясі патом: адмовішся – бяда!
Калі яна заўважвала, бывала,
Што ем я не са смакам,
Абавязкова трактавала:
– Еш, дурань, бо то з макам!

Забыцца мне пра цётухну пара,
Бо ўжо даўно яе аплакаў,
Але ў жыцці я чуў яшчэ не раз:
– Еш, дурань, бо то з макам!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Еш, дурань, бо то з макам - Кандрат Крапіва