Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дзяўчыне

Яшчэ зіма… Мярэжы-строі Ўраніла зорнасць за акном. Якая ноч… Ў маім пакоі Сон-цішыня даўно, даўно. Сяджу адзін… А на стальніцы Букет юнацтва з веаргінь. I просіць сэрца навальніцы, – Сімфоній радасці й тугі… Пішу… Гадзіннік адзінока Прабіў дванаццаць на сцяне. О, як шкада, што мы далёка: Я – ад цябе, ты – ад мяне. I што сказаць? Ну, што, Марына? Сказань адно, адно ўсяго: Жыву сягоння успамінам, Што падарыла мне яго. Я помню дні сваіх вакацый: Была вясна… Сады ў імгле… Я сустракаў цябе за працай У сельсовеце на сяле. Цвілі сады… Я помню вечар… I ў гэны вечар – май вясны – З табой апошняя сустрэча Была на мітынгу адным… Ты ўся жыла, Ліліся словы; Як лебедзь, плавала рука. Ты захаплялася прамовай, Лістом-адноснікам ЦК. Ты гаварыла аб комуне, Аб тым, як жыць, як будаваць. А свежы вецер на трыбуне Тваё аблічча цалаваў. Жывым агнём гарэлі вочы, Віталі яркую світань. Табе не раз, не раз, а двойчы Іграла музыка – “Паўстань…” Я сам гарэў агнём трывогі, Парывам шчасця ў барацьбе. Ты верыш сёння ў перамогу, Як моцна верыла ў сябе. Бывай… Гадзіннік адзінока Прабіў чатыры на сцяне. А ўсё-ж шкада, што мы далёка: Я – ад цябе, ты – ад мяне…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Дзяўчыне - Паўлюк Трус