Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мне б толькі

Мне б толькі не забыцца Вас забыць,
Забыць і вочы Вашы, й рукі Вашы.
I перасмягламу з глыбокай чашы
Ваду зачараваную не піць.

Прашу падданства Вашага даўно,
А Вы, як сувярэнная дзяржава,
Мне адмаўляеце, але ласкава –
Мой сподзеў грэе гэтае адно.

Няўжо мой смутак Вас не закране,
Няўжо спагада на мяне не гляне?
Няйначай быць у космасе кахання
Пылінкай дробнай давядзецца мне.

Я на зіму змяніў сваю вясну,
Жыву, пакуль мая журба жывая.
I я на Вас забыцца забываю
I помню Вас, няўмольную, адну.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Мне б толькі - Рыгор Барадулін