Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Усё для Вас

Усё для Вас: і сонейка, і дождж,
І ластаўкі палёт, і подых сцюжы,
І студзеньскі халодны вецер-нож,
Які цалуе Вашы шчокі-ружы,
Уцёкі ад зімы снегавіка,
Два гузікі – вільготнымі вачыма,
Пяшчота і цяпло сакавіка,
Забыцца пра якія немагчыма.

Усё для Вас: кастрычніка агні,
Кляновых плям чырвоная дарожка,
Нястрымнага кахання ночы, дні
На зеляніне ліпеньскага ложка,
Букет рамонкаў, жыта, васількі,
Гарачы май у вокладцы блакітнай…
Вас лукавіна стомленай ракі
Ад чэрвеня схавае пад ракітай.

Усё для Вас адной і дзеля Вас:
Слязьмі па леце лістапада ліўні,
І снежаньскіх начэй марудны час,
І танцы зорак у вар’яцкім жніўні.
Няхай Вам усміхнецца красавік,
Няхай у лютым знікне вораг люты,
Хай пройдзе год, нібыта чараўнік,
У верасень сустрэчы апрануты.

06.03.2016

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Усё для Вас - Сяргей Махнач