Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Забыць Венецыю

Забыць Венэцыю.

А заадно – і Рым.

І Дрэздэн, і Верону, і Варшаву.

Ёсьць толькі неба, шэрае, як дым,

Над горадам, зь якога не зьязджаюць.

Хто выдумаў –

Не акуеш душы?

І на яе ланцуг знайсьці ня цяжка.

І тут таксама можна добра жыць

Між комінам, і сьметнікам, і пляшкай.

Вось толькі – пра Венэцыю…

Пра сон,

Пра мора, сьмерць ад пацалунку мора,

Пра вітражы гатычныя акон,

Каменных львоў

І брукаваны дворык –

Забыць… Забыцца…

Што Гекуба – нам?

Што мы – Гекубе?

Гамлеты бяз трона.

Квадратныя вітрыны нашых крам

Цямней і таямнічай водаў Роны.

Нібы гандола, месяц праплыве,

Мой човен залаты, маё чаканьне.

І ліст асеньні на сухой траве

Зблісьне тужліва

Маскай карнавальнай…

Забыць Венэцыю.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Забыць Венецыю - Людміла Рублеўская