Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Толiк i памiдорык

Любiць Толiк памiдорык.
Без яго не выйдзе ў дворык.
I гаворыць каламбуры
Ён пра памiдорык буры.
Чырвоную накiнуў коўдру,
Каб быць падобным памiдору.
Памiдорык зацвiце,
Ён шчаслiвы ўжо iдзе.
Няма жаху, няма гора,
Калi столькi памiдораў!
Кiне cолi ў кiшэнь,
Памiдоркi есць увесь дзень.
А яму гаворыць Юля:
“Усяго смачней мая цыбуля!”
“Смак у цыбулькi нейкi горкi,
А ў памiдорчыкаў салодкi!”
У яго адна гамонка:
“Памiдор ды памiдорка”.
Глядзiць – на небе ззяюць зоры.
Толiк кажа: “Памiдоры”.
Iдзе дзядзечка Рыгор –
“Таўсматы вы, як памiдор!”
У парасяцi хвост-вяроўка,
А пятачок – як памiдорка.
Расце у лесе мухамор.
“Вось цiкавы памiдор”.
На дрэва з дрэва скок вавёрка.
“Пастой, куды ты, памiдорка?
Не баюся нават бойкi,
Мае гранаты – памiдоркi!
Па калена мне i мора,
Мой карабель – памiдора”.
Стаў збiрацца ён у горы:
“Цi растуць там памiдоры?”
Сустрэўся там яму грузiн:
“Ты на свеце не адзiн.
Зваць мяне Георгiй, Жора –
Памiдоравы абжора.
Пачастуйся пад язык
З памiдоркаю шашлык”.
Кажа Толiк: “Сапраўды!
Няма лепшай смакаты!!!”
Заспявалi Толiк з Жорам:
“Генацвале памiдорам!”

გენაცვალე (генацвале)

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Толiк i памiдорык - Алег Старынчык