Верш Помню, помню праз гады
Помню, помню праз гады,
Спеўная ваколіца:
“Выпі, золатца, вады,
Сэрца супакоіцца”.
Да крынічнай, спакайной –
Сцежкі-птушкі вольныя.
Трыццаць вёснаў за спіной,
А ці ўсе спакойныя?
Мне дарогі не пытаць,
Сонейка высокага.
А як жа стану суцяшаць
Ў горы сябра-сокала?
Ды, вядома, як тады
Ты мяне, ваколіца:
“Выпі, золатца, вады,
Сэрца супакоіцца”.