Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Якое шчасце

Якое шчасце –
Жыць на белым свеце,
Піць водар траў і цішыню бароў,
Твар падстаўляць пад чабаровы вецер
I мець сям’ю, работу і сяброў!

Якое шчасце –
Жыць зусім звычайна:
Браць кнігі з перапоўненых паліц,
I наліваць вадой крынічнай чайнік,
I ў садзе лісце прэлае паліць!

Якое шчасце –
Даланёй сялянскай
Адчуць слухмянасць гэбля і касы
I з нечаканай прадзедаўскай ласкай
Расчулена пагладзіць каласы,
У засені схавацца за адрыну,
Дзе дуб калыша свой зялёны шум,
I сцішанаю песняю адрынуць
I адзіноту, і бетонны сум,
Аднойчы выйсці ў поле на дасвецці,
Каб зразумець –
Да ачышчальных слёз, –
Якое шчасце –
Жыць на белым свеце
Сярод вясёлак, птушак і бяроз!..

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Якое шчасце - Генадзь Бураўкін