Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ax, на шчасце, яшчэ ды не ўсохла балота

Ax, на шчасце, яшчэ ды не ўсохла балота,
А за ім векавее зажураны гай.
Покуль дождж не прайшоў, не апала лістота,
Запрашаю цябе ў журавінавы рай.

He адна пратаптана ў балоце сцяжынка,
Ды ізноў зарастае травою наскрозь.
Журавелю ты мой, я твая журавінка,
Што не вяне пад снегам і ў грозны мароз.

Але ты – гарадамі! I як за гарамі –
Немагчыма дазвацца, даклікацца мне.
Застаюся адна з векавымі дарамі
У сівой, у палескай сваёй старане.

Толькі далечы гэтай адкрытая насцеж,
Зноў святлее душа, як лістотай лясы.
…Журавінавым болем прабілася шчасце,
I палае яно паміж позняй расы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Ax, на шчасце, яшчэ ды не ўсохла балота - Яўгенія Янішчыц