Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Вакол балота. Востраў Зыслаў

Вакол балота. Востраў Зыслаў.
I траў няскошаных журба.
А ты вартуй і праўду выстай,
Хаця грыміць па ёй пальба.

Я ведаю, што нас не змесяць
Ні бомбы, ні блакад пятля.
Не першы дзень, не першы месяц
Дрыжыць ад выбухаў зямля.

Няхай сярод іржавай твані
Не рай нам, не спакойны кут, –
Ідзе народнае змаганне,
Вяршым над ворагам свой суд.

За ўсё фашысцкі звер заплаціць
Сваёй паганаю крывёй,
За бацькі смерць, за гора маці,
За лютасць і разбой.

Не будзем мы чужынцаў цешыць
I ні асінай, ні сасной,
Не будзем іх на дрэвах вешаць,
Шкада ім роскашы такой.

Бо раззлуюцца нават дрэвы,
Што будзе ім не па сабе,
I поўныя суровым гневам
Адкінуць злыдняў ад сябе.

Ім толькі куля, жвір на вочы.
Пясок халодны без труны.
Зямля і тая неахвоча
Прымала вылюдкаў вайны.

…Шумяць на Зыславе бярозы,
Спяваюць спелыя бары.
Нам вораг заплаціў за слёзы,
За смерць, за кроў, за пустыры.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Вакол балота. Востраў Зыслаў - Анатоль Астрэйка