Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Паўліна Мядзёлка

Жыццёвыя сцежкі
Паўліны Мядзёлкі…*
Парою лёс цешыў,
Быў час часам золкі.
У Дзвінску і ў Мінску
Гаркоту спазнала,
Аднак і нектару
Сабрала нямала.

Паўліне Мядзёлцы –
Руплівае пчолцы
Матулінай мовы
Квітнелі ўсе слоўцы.
Таму і Паўлінку
Так хораша грала, –
У Янкі Купалы
Душа замірала…

У Будславе потым
Спяліла ўспаміны,
Слязьмі палівала
Мядзёлка Паўліна,
Сваёй Беларусі
Для росквіту
Сілы
У Божае Маці Будслаўскай
Прасіла…

…Цяпер на магіле
Паўліны Мядзёлкі,
Як родныя слоўцы,-
Мядовыя зёлкі,
Як добрыя слоўцы
Аб мілай старонцы,
Што кветкі ўзрасціла
Паўліне Мядзёлцы…

*”Сцежкамі жыцця” – назва кнігі ўспамінаў П. Мядзёлкі

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Паўліна Мядзёлка - Станіслаў Валодзька