Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Білет да Беларусі

Білет да Беларусі.

Прадавала касірка білеты
У вакзале аўтобусных зносін.
Прадавала касірка білеты –
Каму ў лета, каму у восень.

Прадавала касірка білеты –
Каму ў шчасьце, каму у згубу –
І калгасьнікам, і паэтам,
І самотнікам, і тургрупам.

Прадавала касірка білеты
Бестурботна і безгалоса,
І была падобная ў гэтым
На стваральніка Кнігі Лёсаў.

Прадавала касірка білеты
Безадмоўна (а так і мусіць).
Я спытаўся, надзеяй сагрэты:
“Калі ласка, да Беларусі…”

Раптам дзень зацягнула змрокам.
Узгадаўся мне “канец сьвету”.
Я стаяў ля вакенца збоку
Са сваёй вялікаю мэтай.

Слухаў жальбы руплівай кабеткі:
“Гэта, ведаеце, пакута!..
Накірунак ваш вельмі рэдкі…
Вы прабачце, “завіс” кампутар…”

Прадавала касірка білеты
Тым, хто вырашыў і крануўся
У шырокі абсяг планэты…
Мне ж хацелася БЕЛАРУСІ.
22.07.2007.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Білет да Беларусі - Алесь Наркевіч
«