Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Камсамольскі білет

Цвёрда трымаўся юнак на дапросе,
Тоячы словы і думкі свае.
Вораг-жандар дакурыў папяросу
I камсамольскі білет аддае.

– Вось і білет твой, – сказаў ён ласкава,
I ад яго на вачах у людзей
Ты адцурайся; выгодная справа:
Жыць застанешся, – жыццё даражэй.

Што ў ім карыснага? Кніжка, не болей.
Кніжку спалі – і размовам канец!
– Не, не спалю! – адказаў камсамолец. –
Хай лепей сэрца мне спаліць свінец!

– Ты не згаджаешся? Вельмі шкадую.
Кінь свой білет у палонку тады.
– Не, я не кіну ў ваду ледзяную,
Сам лепш зайдуся ад лютай вады.

– Добра, хай будзе па-твойму. – На гэтым
Доўгі і нудны спыніўся дапрос.
I юнака з камсамольскім білетам
Босага гоняць на люты мароз.

Там ён, абліты вадой ледзяною,
К сэрцу рукою білет прыціскаў,
Быццам білет пад сцюдзёнай вадою
Сэрцу юнацкаму стыць не даваў.

Так і стаяў, смеючыся над катам,
Доўга па целу сцякала вада;
Так і застаўся стаяць каля хаты,
Быццам з чысцюткага літы ільда.

Так і стаіць, як жывы, перад намі,
Так і стаіць, прыціскае білет,
I не развітваецца з сябрамі,
I прастаіць яшчэ тысячы лет.

Ды не карой ледзяною пакрыты,
Ды не абліты вадой ледзяной, –
Выліты з бронзы і сонцам абліты,
Будзе ён вечна стаяць над зямлёй.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (5 votes, average: 3,40 out of 5)

Верш Камсамольскі білет - Аркадзь Куляшоў