Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Вясновая кніга

Вясна ў ядвабах, аксамітах
Прыйшла на пушчы і палі,
Зімы даношаную світу
Зняла з набраклае зямлі.

Прыйшла – і рэчка заспявала,
Успыхнуў, быццам свечка, куст…
Усё як ёсць пафарбавала
Пад свой зялёна-сіні густ.

Нібы хто жаўрукоў шархоткі
Прыбіў да неба-палатна,
На дрэвах пчол руплівых сходкі
Гудуць ад золку да цямна.

Пакінуўшы далёкі вырай,
Вярнуўся ўвесь птушыны рой,
I бусел, як ТУ-104,
Прымчаў аднойчы раніцой.

Працуючы ўвесь дзень з ахвотай,
Свой дом узвёў без малатка.
Забарабаніў белым шротам
У гляк бярозавік з латка.

Блішчаць пад сонцам баразёнкі,
А цішу трактар скалануў,
Як быццам першыя старонкі
Вясновай кнігі адгарнуў.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Вясновая кніга - Пятрусь Броўка