Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш У вяках столькі раз апетае

У вяках столькі раз апетае,
Сонца! Ты ад хвалы не меншаеш!..
Дык прабач мне й на гэты раз.
Я пра сына твайго – праменьчыка.

Я пра сына твайго – праменьчыка,
Што радзіўся ды быў маленечкі.

Толькі выпырхнуў з вечнай цемрані –
He трымала ты пры сабе яго,
Хоць ляжаў прад ім шлях нязмераны
Незнаёмага свету белага.

Толькі выпырхнуў – і не вернецца:
Там вясной на зямлю ўпала зернейка.

Ад вятроў атуліў цёплай ласкаю,
Дзень у дзень шчырэў безупынку ён.
Стала сном яго, стала казкаю,
Стала сонечнаю былінкаю.

I былінка ў час наліваецца,
Хутка зернейкаў дачакаюцца…

Падружыўся навек з зямлёй
I працуе ўвесь дзень да поту ён.
У праменьчыка будзень свой,
У праменьчыка свае клопаты.

Саграваюць зямлю праменьчыкі,
Што радзіліся ды маленечкія.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш У вяках столькі раз апетае - Генадзь Кляўко