Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Кніга ў хаце–сябар, а не госць

Кніга ў хаце-сябар, а не госць

Хацела ціха вышмыгнуць із хаты
Ды ўсё ж паспела маці затрымаць,
Адводжу ўбок я позірк вінаваты,
Зноў не ўдалося кнігі памяняць.

“Ты лепш глядзі малых, рабі ўрокі,
А кнігі занясеш пасля Пакроў.
Мне з агародам гэтулькі марокі”,
Дакорліва даводзіць маці зноў.

Пакрыўджанымі зіркаю вачыма,
Ды толькі ў маці клопаты свае.
Сказала, злосна грукнуўшы дзвярыма:
“Ну што тваё чытанне мне дае?”

Стрымаць сябе я больш і не спрабую,
Патокам слёзы хлынулі з вачэй.
Я помсліва пакрыўдзіла малую-
З сястрою плакаць удваіх лягчэй.

Гучаць у сэрцы струны-адгалоскі
Майго дзяцінства даўніх тых гадоў.
“Чаму не спіш? Глухая ноч над вёскай,
У маім юнацтве мама кажа зноў.

Ты лепш бы вышыванне ўзяла ў рукі,
Падумаць пра пасаг даўно пара.
Карысць якая ад твае навукі,
Ляжыць во кніжак цэлая гара”.

Як непісьменнай зразумець матулі,
Што ў кніжках гэтых-цэлае жыццё,
І так цудоўна з імі, так утульна,
Што абуджаюць шчасця пачуццё.

Зусім не важна, хто ты, дзе працуеш,
Калі любоў да кнігі ў сэрцы ёсць,
Калі ты слова роднае шануеш,
То кніга ў хаце сябар, а не госць.

Хвілін я вольных мала сёння маю,
Ды ўбок адклаўшы ніткі і пруткі,
Сама ў бібліятэку завітаю,
Каб прачытаць чароўныя радкі.

1996г.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Кніга ў хаце–сябар, а не госць - Ніна Кавальчук