Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Уяўнасць

Сцежка вузенькая ўецца
Ад дарогі к хаце.
-Як там вам цяпер жывецца,
Бацька мой і маці?

Я іду з дарогі к тыну –
Зараз запытаю.
Што яны адкажуць сыну,
Я наперад знаю:

-Дык, усё ў нас, сынку, добра:
Бульба урадзіла,
Яшчэ доіцца худоба,
Парсючок – на дзіва.

Яйкаў некуды дзяваці –
Так нясуцца куры –
Ходзяць вунь, па сенажаці…
Бацька лоб нахмурыць:

-А ты як, сынок,- надоўга?
Трохі пагасцюеш?
Адыходзь жа ад парога,
Распранайся, чуеш!

Слёзы радасці хавае
Мама, завіхаецца,
Пачастунак выстаўляе,
Чарка наліваецца…

Дзякуй шчыры роднай хаце,
Дзе любоў вядзецца.
Чалавечнасці паняцці
Там жывуць і ў сэрцы!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Уяўнасць - Пётр Шакола