Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Быць паэтам

Нас прадзімае вецер свежы,
Мы ловім пырскі і дрыжым.

Давай пакінем узбярэжжа
I зорнай сцежкай пабяжым.

Чаму няёмка і нясціпла?
За што пашлюць услед дакор?

Глядзі, – блакітны месяц выплыў
I высыпаў мільёны зор.

Гарачым прысакам і срэбрам
Ён сцежку вымасціў удаль,

I паласатыя, як зебры,
Варочаюцца спіны хваль.

А сцежка вабіць, сцежка кліча
За небакрай, за небасхіл,

Дзе нават Чарнамор не злічыць
Усіх сузор’яў і свяціл.

Хадзем! Хоць сёння будзь паэтам,
Не ў кабінеце, а ў жыцці,

Каб не стаяць за парапетам,
А сцежкай месячнай прайсці.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Быць паэтам - Сяргей Грахоўскі