Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Зірні здаволена наўкруг

Зірні здаволена наўкруг –
Амаль што райская карціна:
Прыветна зелянее луг
І ціха пасьвіцца скаціна.

Сьляпнеча кружыцца траха.
Курыцца вогнішча ля ўзьмежка.
Схавана ў вуснах пастуха
Лянівая, скупая ўсьмешка.

Сумуе пуга пад нагой.
Лагодаю прыўзьняты бровы…
Але здалёку на яго
Глядзяць спалохана каровы.

Яны ня здолелі забыць,
Хай нават сьціхне боль імгненна,
Як страшна ён умее біць,
Аж на губах бялее пена.

Ён біў штораз усё ямчэй
І сыпаў новыя пагрозы.
У іх каціліся з вачэй
Вялікія, рудыя сьлёзы…

Ня кліча іх суседзкі луг,
Ня вабіць збажына гасьцінна…
Чым больш бязьлітасны пастух,
Тым больш слухмяная скаціна…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Зірні здаволена наўкруг - Генадзь Бураўкін