Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш А на Палессі

А на Палессі чорцікаў хутка не стане.
Чуеш, апоўначы торгае, круціць прабой.
Шклянку надзеі ты мне нальеш на світанне
– Я падару табе боль.

Дзе дываны даматканыя сохнуць на плоце,
шаластуны старажытныя звоняць тугой,
тут я хацела б з табою згубіцца ў балоце.
– Тут падарыў табе боль.

Хоць бы ў закозельскай той
пахавальні-капліцы,
каб не вяртацца да жорсткай рэальнасці больш,
з бровару зелля напіцца,
маной атруціцца.
– Тут напаіў цябе боль.

Нас не шукалі б
ні родны твой Мінск, ні Еўропа.
Што ім – якая прапала натура з табой!
Ты мне пакажаш вёску Агоў, потым Опаль.
– Я акуну цябе ў боль.

Тут яшчэ плачуць жанчыны
з адданасцю хорам.
З Ляскавіч звон
неба нап’ецца нагбом.
Хай непралазная багна
накоціцца морам!
– Тут акуну цябе ў боль.

Недзе ў аблоках
буслікі клёкат купалі.
Нішчыў надзею драўляны язычніцкі бог.
Мы не прапалі ні ў будзень, ані на Купалле.
– Зноўку вярну цябе ў боль.

Бегла дарога старая
здалёку да Пінску.
Крышку па ёй пракаціў нас пяшчоты прыбой.
Ведама ўжо,
што і ў Пінску так, як і ў Мінску, –
Пінай і Прыпяццю боль.

Апроч наіўнай надзеі,
нічога не маю,
што адраджуся на градцы з назовам любоў,
дзе пасадзілі цыбулю і буйную мальву.
– Шчэ я ўзрасціў табе боль.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш А на Палессі - Данута Бічэль-Загнетава