Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Партызанскі марш

Калі над радзімай пажары шугалі
I неба гуло ад грымот, –
Пад шумнымі соснамі мы прысягалі
Табе, беларускі народ!
За край свой забраны
Ішлі ў партызаны,
Збіраліся дружна на бой!
А гора народа кружыла над намі,
I ў кожнага рана свая.
Палямі, гаямі, ляснымі шляхамі
Праходзіла наша сям’я.
За здзекі, за раны
Сыны-партызаны
Выходзілі ворага біць.
I ў цёмныя ночы, і ў раннія росы
Ад нашых адважных засад
Лятуць пад адкос мерцвякі-паравозы
I трупы фашысцкіх салдат.
Масты узлятаюць,
Машыны знікаюць
Пад смелым агнём партызан.
У нашых паходах сцягі баявыя,
I помста – адзіны наказ.
Мы бачым, як маці, ад гора сівыя,
Выходзяць насустрач да нас.
Не плачце, матулі,
Мы ўсіх вас атулім
Надзейнаю ласкай сваёй.
Хай многа наперадзе смутку і болю
Не раз нам яшчэ сустракаць,
Біць ворагаў лютых,
Клянёмся,
Ніколі
Не стоміцца наша рука,
Пакуль не заграе
Вясна залатая
Над роднаю нашай зямлёй.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Партызанскі марш - Пятрусь Броўка