Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мяне сябры пытаюць

Мяне сябры пытаюць:
“Скажы, сярдзіты друг,
Навошта табе тая
Нянавісць да хапуг?

Усё пра злыдняў пішаш…
А ты ідзі у сквер –
Вясной усмак падышаш,
Складзеш вясёлы верш”.

Ах, божа мой…
Ды сам я
Захоплены навек
Высокімі лясамі,
Спакоем родных рэк.

Па рэчцы успамінаў
Я плыў бы ўсё і плыў…
А хто нажом у спіну
Таварыша забіў?

I душагубы ходзяць,
Схаваныя ў туман,
Што ў даўнім горкім годзе
Губілі партызан.

Калі з нас кожны мірна
Ў пасцелі мяккай спаў,
Хлапчук, а не граміла
Ларок абрабаваў.

Падлетка строга судзяць,
Судзіце і мяне:
Мне гора сэрца студзіць,
Мне сорам плечы гне.

Сябры, хадзіце ў жыце,
Ганіце прэч тугу,
Пра васількі пішыце…
Я покуль не магу:

Завешчана бацькамі,
Сам Ленін даў наказ:
Жыць з чыстымі рукамі,
Рабіць не напаказ.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Мяне сябры пытаюць - Пiмен Панчанка