Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Беларусь для мяне – мая родная маці

Беларусь для мяне – мая родная маці,
Што ў залочаны восені цвет
У сялянскай з лучынаю хаце
Нарадзіла мяне на свет.
Беларусь для мяне – гэта шчырая вера,
Гэта сэрца сыноўняга стук.
Беларусь для мяне – гэта звонкая лера
І цымбалаў раскацісты гук.
Беларусь для мяне – гэта белыя зімы
І вясновы бурлівы разліў;
Васількі ў жытох гаманлівых,
Водар бэзаў, антонавак, сліў.
Беларусь для мяне – гэта восень з кастрыцай,
Верацёнаў гудзенне, красён перастук:
Кужаль, вытканы мамай, сястрыцай,
Гэта плёны ад працы мазолістых рук.
Беларусь для мяне – гэта слуцкія ткаллі,
Што прыгожыя ткуць паясы;
Гэта спевы птушыныя ў лесе
І палеткаў шырокіх прыволле.
Беларусь для мяне – Каліноўскі, Скарына,
Бегушэвіч, Купала і сотні такіх,
Каго гора-бяда не скарыла,
Хто ніколі не зрокся сваіх.
Беларусь для мяне – гэта спеўная лера
І крынічка, што з лесу бяжыць;
У свой край непахісная вера,
Што ён жыў, і жыве, й будзе жыць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Беларусь для мяне – мая родная маці - Янка Золак