Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Сын і маці

С ы н – Мамка, мамка, нам сягоння Гаманілі ў школе Аб якойсьці Беларусі, Што жыве на волі. Хоць я слухаў вельмі шчыра (Не люблю іначай), Ды ніяк не мог уцяміць, Што ўсё гэта знача. М а ц і – А вось тое, мае дзеткі, Глянь-зірні наўкола: Бачыш гэтыя сялібы, Хаткі нашых сёлаў; Гэта поле – шнур ля шнура – Ўзгоркі і лагчынкі, На узмежку грушу-дзічку, Крыж каля пуцінкі? Бачыш логі, сенажаці, А на іх – крыніцы, Далей – бор зялёны, гонкі, Што увысь глядзіцца? А там далей, дзе ўжо вока Дасягнуць не можа, Тое самае пабачыш, – А ўсё так прыгожа! Сотні вёсак і мястэчак, Гарадоў нямала, Рэк бурлівых, пушч гамонкіх З неапетай хвалай. Там плывуць Дняпро і Сожа, Ды Дзвіна і Нёман, Белавежы, Налібокаў Там чуваці гоман. Гарады – Мінск, Віцебск, Вільня, Магілёў, Гародня І Смаленск з сцяной цаглянай Разляглі выгодне. Аб вялікай нашай славе Сведчаць на свет цэлы, – Як жылі мы, панавалі Ў родным краі смела. Во ўсё гэта, мае дзеткі, Ад межаў да межаў Беларусяю завецца Й да цябе належа. С ы н – А! Ўжо сцяміў! Дык багат я, Меўшы столькі цудаў: Гэткім чынам я ніколі Служкаю не буду. Ну, а йшчэ скажы мне, мамка, Бо я не разважыў: Што такое беларусы, Як настаўнік кажа? М а ц і – Ах, які ты йшчэ дурненькі, Каб не скеміць гэта! Ну, паслухай: усе людзі Што ад лета ў лета, Ад пакон вякоў жылі тут І жывуць сягоння, Носяць світкі, носяць лапці Ды былі ў прыгоне, Ўсе – і ты, і я, суседзі, Хто, па-твойму, прусы? Дык жа ўцям: на Беларусі Жывуць беларусы! Ды яшчэ, каб лепей ведаў, Мушу табе ўспомніць: Беларусы беларускай Гутаркай гамоняць. С ы н – Вось яно што! Праўда, мамка, Ўжо сабе ўтлумачыў: Беларус я! Ох, дам пытлю, Хто скажа іначай. Ну, але яшчэ не ўсё тут Ясным мне здаецца: Што такое беларускай Гутаркай завецца? М а ц і – Ой, дурненькая варона, Што з табой чыніці! Як жа йначай беларусы Могуць гаманіці? Як жа мы з табой гуторым Вось у гэту хвілю? Як жа я пяю над зыбкай Для малой Марылі? Ды паслухай, як на вёсцы Кажа дзядзька, цётка; Як пяюць улетку жнеі За сваёй работкай; Як бабуля баіць казкі Аб нядолі-долі; Як начлежнікі спяваюць На начлезе ў полі?! С ы н – Ну, ўжо знаю, знаю, мамка! Як у люстры бачу, Пакажу я ўсяму свету, Хто я, дый што значу!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Сын і маці - Янка Купала