Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш На схіле дня святла яшчэ даволі

На схіле дня святла яшчэ даволі,
Вільготны цень кладзе дубоў сям’я.
О, як патрэбны мне твае далоні,
Любоў мая.

Калі стамлюся некалі праз меру,
Адчуць бы мне падтрымку рук тваіх;
I я ў прыліў магутных сіл паверу,
Бо мы ўдваіх.

Прыкмеціш, што ўскіпаю недарэчы
I слова крыўднае сказаць хачу, –
Ты апусці далоні мне на плечы,
I я змаўчу.

Дубы на позні дол ссыпаюць лісце,
I ў кожнага зямны кароткі век.
Ў мой лістапад няшумны дакраніся
Маіх павек.

I я адчую, ўбачу, невідушчы,
Далонямі тваімі ўбачу я
Ў палёце ластаўку, рабіну ў пушчы,
Любоў мая.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш На схіле дня святла яшчэ даволі - Аляксей Пысін