Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Вярнуўшыся ў родную хату

Вярнуўшыся ў родную хату,
На родны прысеўшы парог,
Ты скажаш: “Дзень добры, мой тата!
Падумаць, прайшло столькі год…”
Маршчыністы твар усміхнецца
І скажа: “Мінаюць гады,
Але застаюцца навечна
Святымі – сям’я, дом, бацькі!”

Вярнуўшыся ў родную хату,
З сям’ёй за святочным сталом,
Сустрэўшы з аплаткай Каляды,
Успомніш дзяцінства сваё…
І рэха малітвы сумеснай
Гучыць, як бацькоўскі наказ:
“Вас можа раскідаць па свеце,
Але прылятайце да нас!”

Вярнуўшыся ў родную хату,
Адкуль б’е крыніца твая,
Цяпер дзе адно маці з татам
Стаяць ля пустога двара
І вуліцай зноў выглядаюць,
Калі ў дом вярнуцца сыны…
А дзеці лісты дасылаюць:
“Вам дзякуй, што ў свеце ёсць Вы!”

І робішся зноўку багатым
Ад шчырых усмешак і слоў,
Вярнуўшыся ў родную хату –
Да родных, любімых бацькоў!!!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Вярнуўшыся ў родную хату - Антон Янкоўскі