Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Два ўзгоркі вёсачка мая

Два ўзгоркі вёсачка мая
Галоўнейшымі лічыць:
Пагост магільны і маяк –
Прыцэл картаграфічны.
Стаяць упоручкі яны:
Адзін – прагрэсу база,
Другі – як сведка даўніны,
Загадка без адказу.
Як запытальнікі стаяць:
Парогаў невядомых
I адкрыцця… Не раз’яднаць,
Не зблізіць іх нікому…
Дзве кропкі побач. З вышыні
Іх сціплай – на паўсвету
Відно. Адно не праміні
Сцяжынку ў жыце светлым.
Яна выводзіць, нібы лёс,
Ці, як жыццё, – на грэбень,
Адкуль зямлі пакутны плёс
Цячэ-ліецца ў неба…
I бачыш сэнс усіх дарог,
Усіх удач нязбытных:
Яго данёс, яго збярог
Вось гэты колас жытні…
Стаіш у поля на віду,
А ўзбоч – крыжы, як люстры:
Ці не пускаюць, ці ідуць
З абдымкамі насустрач?..

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш Два ўзгоркі вёсачка мая - Васіль Зуёнак