Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Там яна

Там яна, дзе з небам сінім
Лес гамоніць трапяткі,
Дзе з бярозкаю асіна,
З ясным ясенем рабіна
Абняліся на вякі.

Там яна, дзе Буг аблокі
Пазбіраў з усіх нябёс,
Дзе Вілля, Дняпро шырокі,
Белавежа, Налібокі,
Нёмна песеннага плёс.

Там яна, дзе Прыпяць, Шчара,
Случ, Бярэзіна, Дзвіна,
Дзе Князь-возера і Нарач,
Свіцязь светлая, як мара,
I Бяздоннае без дна.

Там яна, дзе Тураў, Полацк –
Найстарыя гарады,
Мінск, чый чутны ўсюды голас,
Гомель, Віцебск, Брэст вясёлы,
Горад солі малады.

Там яна, дзе з кожным маем
Яблынь цвет ляціць з галля.
Палявая, лугавая,
Як заўсёды, маладая
Беларусь –
Твая зямля.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Там яна - Кастусь Цвірка