Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ну дзе Ты, Бог

…А можа й праўда…
Мо Цябе й няма?..

…Ну дзе Ты, Бог?
У чым твая прысутнасць?
Халодзіць кроў няўцямная вайна…
Няўжо ж у ёй Твая святая сутнасць?

Няўжо ёсць сэнс ў крывавай валтузні,
у смерці тых, хто шчыра ў Цябе верыў?
А тыя, хто загразнуў у хлусні,
Трымаюць верх над праўдай і даверам.

А тыя, хто Твой голас і не чуў,
Сціраюць сцягам кроў з целаў дзіцячых…

Ну дзе ж Ты, Бог?!
Хіба ж Ты там “заснуў”?!
Ну як жа так?!
Ты ж, пэўна, гэта бачыў?!

Ты ж, пэўна, чуеш
стогн і плач дзяцей,
цнатлівых, чыстых?!
Ў чым яны павінны?!
Маўчыш…
Ці скажаш,
што нам трэ часцей
Табе маліцца за душы нявінных?

А я ж малюся!..
Ці й Табе казаць?!
Штодзённа ж чуеш ўсе мае малітвы!
Малюся так, што хочацца крычаць
Ад болю гэтай бессэнсоўнай бітвы!..

Прабач, мой Божа!
Можа й жорстка я.
Мажліва трэба звыкнуцца,
скарыцца.
Ды як абвыкнуцца, калі зямля,
Зямля братоў ў пажарышчы дыміцца…

…Ды толькі што я…
Мо Цябе й няма…
Бо дзе ж Ты, Бог?
У чым Твая прысутнасць?
…Халодзіць кроў няўцямная вайна…
Няўжо ж у ёй Твая святая сутнасць?

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Ну дзе Ты, Бог - Марыя Кобец