Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Гадзіннікі не цікаюць

Гадзіннікі не цікаюць –
Гадзіннікі ўцякаюць.
I каюцца вялікія,
I трыумфуе Каін.
Хоць інтэграл – не інтрыган
I ў суму свет збірае,
Ды рассыпаецца курган –
Гісторыя зямная.
I Цыялкоўскі прадказаў:
Зямлю пакінем з часам.
Яна – транзітны наш вакзал
На галактычных трасах.
Бягуць гадзіннікі, бягуць
I тло перасыпаюць.
I ўжо да новых зор нясуць
Наш лёс і нашу памяць…
Стаў матэматыкам паэт,
Паэтам – матэматык…
Ды нехта ж той купіў білет,
I нехта ж вінаваты?..
Бягуць гадзіннікі…
Зямля нібыта ўжо ў ламбардзе
Закладзена… Ды нам здаля
Не крыкнула ў пагардзе:
“Няўжо вы здрадзіце?
Няўжо Ўсё чалавецтва – Каін?..”
..Не вер, Зямля!.. Мы зберажом
Цябе перад вякамі.
Мы парываемся ў Сусвет,
А ён – дамоў вяртае.
Не – Лабачэўскі знаў сакрэт:
Прамая ёсць крывая.
Навошта ж – горкую ад ран –
Мяняць нам хату трэба?
Абмен касмічны той – абман:
Не мае лепшай неба.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Гадзіннікі не цікаюць - Васіль Зуёнак