Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Парушыўшы законы прыцягнення

Парушыўшы законы прыцягнення,
Планетамі сярод другіх планет
Існуем мы з табой як выключэнне,
Мая любоў, – як свет і антысвет.

Ніколі мы адной не ходзім сцежкай,
Не дзелім хлеб і дзелім толькі соль,
Ты сустракаеш смутак мой усмешкай
і смуцішся, калі міне мой боль.

Адказваеш на мой сардэчны захад
Нязгодай, самай крыўднаю з нязгод.
Здаецца, павярніся я на захад,
Як тут жа ты павернешся на ўсход.

Аднак зямля б мая асірацела
і ўвесь сусвет ахутала б імгла,
Каб, выбухнуўшы раптам, адляцела
Ты ў невядомасць з хуткасцю святла.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Парушыўшы законы прыцягнення - Аркадзь Куляшоў