Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Нехта гукае

Марна гушчар
Цераблю непралазны,
Выйсця ў святло шукаю,
Чую ў сябе
За спіною выразна –
Нехта гукае…

Хмары аблогам,
Сячэ бліскавіца,
Ў дол карані пускае,
Варта ў нямоце
На хвілю спыніцца, –
Нехта гукае…

Над пагарэлішчам,
Над папялішчам
Печ – быццам здань якая,
Вецер самотна
Ў коміне свішча, –
Нехта гукае…

Хлеба акраец
Вазьму толькі ў рукі
I міжволі чакаю
Голас галоты.
Адчаю і скрухі, –
Нехта гукае…

Здарыцца,
У хадзе падаб’юся,
Смага горла сціскае,
Над прахалодай
Крыніцы схілюся, –
Нехта гукае…

Свет абыду я,
Свет аблячу я,
Дзень апошні спаткаю,
Рукі складу,
I тады я пачую, –
Нехта гукае…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Нехта гукае - Генадзь Кляўко