Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Рабінавы гай

Восень, жоўтым крылом не махай,
Не ўзляцець табе ўслед за зязюлямі.
Я прыйшоў у рабінавы гай.
Гай мой ціхі,
Як сам я, зажураны.

Лета справіла шчодра памінкі:
На рабінах – чырвоны агонь.
Гэта гронкі маіх успамінаў,
Гэта колер болю майго.
Гэта след і зары, і кахання,
Знак праклятай замовы,
Дрэў апошняе красаванне
Перад белаю карай зімовай.

Зноў зямля стане белым экранам.
Дык няўжо, што было, – упустую?
І чырвоныя гронкі, як раны,
Снегапад забінтуе?
Птушкі чырвань усю раздзяўбуць
Па ягадцы, па ягадцы,
Каб вясною рабінам вярнуць
Па песеньцы, па песеньцы.
А ці вернешся ты, дарагая,
Да гэтага гаю?

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Рабінавы гай - Пiмен Панчанка