Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Бацька прыйшоў

Бацька прыйшоў.
На парозе прысеў,
з працы нібыта вярнуўся дахаты.
– Што ж ты адрокся, сынок, як і ўсе?
Што ж не адведаеш таты?
– Помніш,
маленькі, хапаўся за руль,
сынку,
бялявы, як сонейка…
I не схапіцца за:
“Тата, даруй!..” –
як за саломінку…

Дзе ж тваё поле
і жаўранкі дзе?
Крыж, ды півоні, ды месячык…
Выйсці на волю
хацеў да людзей –
дротам завязаны веснічкі.

Скрып калаўрота ў калодзеж упаў.
Кружаць над возерам чайкі.
Вецер з веранды выдзьмухвае пах
бацькавай
чорнай
фуфайкі…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Бацька прыйшоў - Міхась Скобла