Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Памяці кнігі

Кнігі паміраюць

Зь цёмных спальняў
дзе адзіная дарога
пракладзеная жоўтай лямпай
вяла да кніжнай старонкі
іх рассоўваюць па ўсіх вуглах дому
ператвараючы яго ў вялікі кніжны могільнік
тых чые імёны ўжо нічога ня кажуць
зносяць на паддашак
дзе яны па дваццаць асобнікаў у адной каробцы
як у брацкіх магілах

Кнігі ўдавеюць

У пустых кватэрах
нічыё сэрца больш ня б’ецца над імі
ніхто ня дзеліць зь імі вячэры
не раняе ў ванну

Ніхто не заўважае
як яны губляюць старонкі
як валасы
як памяць
кнігі старэюць у адзіноце

І самая ўражлівая кніга
назаўсёды застаецца
ў халодным ложку
накрыўшы галаву падушкай
душыць крык сваіх чорных літар

Старыя кнігі –
закінутыя магілы

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Памяці кнігі - Вальжына Морт