Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш ЯК ПРАЖЫЦЬ

АРОЛ І КРУМКАЧ

Яшчэ залева за ракою
Маланак нішчыла агні,
А над прыціхлаю зямлёю
Кружыў арол у вышыні.

Крыла магутнага ўзмахам
Закручваў вецер у спіраль.
І сэрца поўнілася жахам
Каго вачэй кранала сталь.

Валодар неба, цар птушыны,
Не маў у схватках няўдач.
Ён раптам бачыць на вяршыню
Старой сасны прысеў крумкач.

Нябыта чорнаю смалою
Абліты плечы і бакі,
З агнём апаленай сасною
Яны сябры ўжо тры вякі.

Не раз з рыпучае галіны,
Крумкач, як пільны вартавы
Аглядваў сонныя даліны,
Кустоў цяністых астравы.

—Скажы крумкач — каханец лёсу,
Спытаў арол, — Ці гэта здек,
Чаму жывеш ты трыста вёсен,
А мой такі кароткі век?

І хрыплым голасам з вяршыні
Крумкач пазваў: — Ляцім са мной,
Спрабуем здохлае каніны,
Зап’ем балотнаю вадой.

Калі ж адведаў смак і водар
Таго, што еў стары крумкач,
Сказаў арол :-Я маю гонар
І есці падлу, — не, прабач.

–Лепш трыццаць год жывое мяса
Мне рваць і піць гарачу кроў,
Чым падлу есці столькі часу.
Жыві крумкач і будзь здароў.

І вольна ўзняўшыся ў неба
Ён крыкнуў зычна, бы трубач:
–Стагоддзяў доўгіх мне не трэба,
Калі так жыць, як ты, крумкач.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш ЯК ПРАЖЫЦЬ - Анатоль Галушка