Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Нязгода

Зноў з гарнастая каўнер апранулі дамы.
Цені, падцятыя цемрай, упалі на снег.
Любы, давай уцякаць ад халоднай зімы!
Толькі каханне тваё адагрэе мяне.

Дзевяць стагоддзяў гнятуць на муры і на брук.
Як абручамі сціскаюць, нельга трываць.
Любы, напяты ў наш бок безвыходнасці лук –
цэліцца ў безабароннае сэрца страла.

Змрочныя сцены і змроку каменны парог.
Пасмы святла прасачыліся з нетраў зямлі.
Напластаванні стагоддзяў на плечы ляглі
і не скрануць іх цяжару – лёс перамог.

Але не хочацца ноччу марознай канаць.
Крок са сцяны мураванай – прорва ў нябыт.
Любы, злаві з маладосці гнядога каня!
Хай уратуецца песня з-пад часу капыт.

Смерч наляцеў, але не спаліў наш дом.
Душы спаліліся – і кожны першы памёр.
Дзе тыя коні?
Дзе любы з мячом і шчытом?
Дзе наша доля?
Песню спявае віхор…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Нязгода - Данута Бічэль-Загнетава