Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Век пражыць – не поле перайсці

Век пражыць – не поле перайсці,
А такому падлягаць іспыту:
На каменні зернем прарасці
I – зняможанаму ўстаць з нябыту.

Дзень наш неабдымны – сведчу я,
I да нас прыходзіць круталоба.
Музыка – у кожнага свая,
I свая – у кожнага аздоба.

Ды кароткі ён – хоць надтачы:
Многа зробіш – болей застаецца.
Іскрай перад порахам начы
На бікфордавым шнуры віецца.

Полымя не пераняць рукой –
Цень да небасхілу дабягае.
I не зробіш, каб магла такой
Паўтарыцца раніца другая.

He здзіўляешся зусім – о не! –
Калі грымне безахвярны выбух:
Новы дзень засвеціцца ў акне
Сонечнымі блікамі на шыбах!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Век пражыць – не поле перайсці - Сцяпан Гаўрусёў