Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Беларусі

Родны край беларускі спрадвеку,
Дзе такія ты фарбы знайшоў?
Люстраныя азёры і рэкі,
Аксамітныя цені дуброў.

Курганы, як стагі канюшыны,
Як пасцель, муражныя лугі,
I палі, дзе жыцця вітамінам
Напаўняецца колас тугі.

Над палямі – нябёсы у скрусе.
Абмінаючы хмар чараду,
Праплываюць бялюткія гусі,
Замуціўшыя ў рэчцы ваду.

Гэтай песні гарэзныя словы
Я з юнацтва ўсім сэрцам люблю, –
Як сваю беларускую мову,
Як маёй Беларусі зямлю!

Знаю я: абыдзі ўсю планету,
Але гэткaй зямлі не сустрэць.
Беларусь. Край натхнення паэтаў!
Ды цябе немагчыма апець.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш Беларусі - Алесь Ставер