Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЦЬКАВЫ ГУСІ

Ловіць татка плотак на Дняпры,
Мамка гулянятам ладзіць клетух…
На глухім стаіўшыся двары,
Я на смак спрабую цыгарэту.

Бацька п’е з суседзямі віно,
Варыць мама сьціплую вячэру…
Першы раз дзявоцкія ў кіно
Грудзі да рукі сваёй прымераў.

Цягнуць гусі бацю з-пад гары,
А мяне ў жыцьцё зьбірае маці…
Шмат гадоў адсьнежыць, адгарыць –
Госьцем я цяпер у роднай хаце.

У старога пальцы на курках,
Мама азіраецца на дзьверы…
Ты мяне, як рыбіну рака,
Выкінь, лёс, на той далёкі бераг.

Ловіць татка плотак на Дняпры
Варыць маці сьціплую вячэру
Цягнуць гусі бацю з-пад гары
Мама азіраецца на дзьверы…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЦЬКАВЫ ГУСІ - Сяржук Сыс