Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Самая шчаслівая

Тут прастор палёў, лясы і горы,
Глыбіню азёр і сілу рэк,
Нават сонца яснае і зоры –
Пакарыў упарты чалавек.

Зоры над садамі віснуць роем,
Зоры над сталіцамі бруяць,
Тут само паветра для герояў…
Вось яна – рэспубліка мая!

Хочаш, плаў руду – чакаюць домны,
Хочаш – ураджайнасць уздымай,
Хочаш – караблі вядзі на поўнач,
Хочаш – вышай неба узлятай!..

Біся з кара-кумскімі пяскамі,
Каб жыццё пустэльні расцвіло.
Тысячы кірункаў перад намі
Сталінскімі думамі лягло.

І на кожным шчасце сваё стрэнеш,
І на кожным будзеш ты расці…
І на кожным цвёрда і напэўне
Ты да мэты прыдзеш у жыцці.

Шлях усюды правадыр асветліць,
Мы яго пабачым першым скрозь.
Самая шчаслівая на свеце –
У краіне нашай маладосць!

Мужнасцю яе нам ганарыцца,
Непахісны гордыя страі,
У яе вачах глыбінь крыніцы
І на вуснах смеху ручаі.

Маладосць любімае айчыны
Узнімаў ты, беларускі бор,
Гадавалі стэпы Украіны,
Гадавалі грудзі стромых гор.

Ля Крэмля шуміць яна прыбоем
І душой праносіцца туды,
Дзе вітае ўзнятаю рукою
Над усім сусветам правадыр.

Гэта яго думы, яго дзеці,
І яго жаданняў буйны рост.
Самая прыгожая у свеце –
У краіне нашай маладосць!

Ёй не страшны вецер золкі, люты,
Ні буран, ні штормы, ні віхор…
Вось яна ляціць на парашутах,
Пагасціўшы недзе каля зор.

На замку граніцы ўсе трымае,
Хай вада, хай багна, хай гушчар…
Нашы нават школьнікі пазнаюць
Ворага замежнага у твар.

Сталіну мы скажам: родны, блізкі,
Мы гатовы ўсе ісці на бой –
І ўзляцець высока, як Усыскін,
Для радзімы радаснай сваёй.

Маладосць у нас з арліным сэрцам.
Хай-жа знае непатрэбны госць
Самая адважная у свеце –
У краіне нашай маладосць!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Самая шчаслівая - Пятрусь Броўка