Верш Апошнія гусі
Гусі апошнія стомленым клінам
Неба ўзаралі, самотна крычаць…
Мне, як заўжды, у такую хвіліну
Хочацца разам з табой памаўчаць.
Хочацца тут – у бары азалелым,
Дзе вымятаюць лісцё скразнякі,
Сесці цішком на пяньку абымшэлым
I прытуліцца – шчакой да шчакі.
Гусі крычаць, бо прыйшло развітанне,
Дзесьці прадзецца кудзеля зімы.
Крыл калыханне, як наша дыханне,
Наша дыханне, як крыл калыханне…
Вырай праз вечнасць…
І ў выраі – мы.