Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш У вераснёўскі вечар

Лагодны вечар, ціхі, вераснёвы.
Кучомкі хвой замлелі ў цішыні,
I мой дубок не зрушыцца ні-ні,
I я маўчу, ніжу на слова словы.

Адзін я тут, а горад, смуглы, ніцы,
У цемрадзі схаваў журбу руін,
I толькі выплыве на міг адзін –
Не дом – шкілет пры ўзлёце бліскавіцы.

Далёка дзесь на цёмным небасхіле
Пабліскваюць маланкі раз-параз,
Нібы не верасень, а жнівеньскі той час,
Калі цяплынь у поўнай яшчэ сіле.

Хоць можа верасень аплаціць золкасць лета
I дні яго, што мыліся ў дажджы.
I раптам – журавы! Крычаць: “Дабра не жджы!
Не час цяплу, і песня яго спета”.

I чую ў крыку тым я праўду і дакоры,
Што год прайшоў і блізка час зімы,
А працы шмат… Ці шмат жа ўспелі мы,
Каб раны залячыць і сцішыць наша гора?

Турботных рук патрэбна многа ўсюды,
Каб зняць праклятае кляймо вайны.
Вышэй узлёт раскутых сіл буйны!
Народ-герой! Тварыць ты можаш цуды…

Праз цёплы мрок у вечар вераснёвы,
Дзе сзецяцца прыветныя агні,
Паказваюць свой твар мне заўтрашнія дні
I родны край, збудованы нанова.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш У вераснёўскі вечар - Якуб Колас