Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш ***Ад сівой даўніны мудрых думак сувой

***
Ад сівой даўніны мудрых думак сувой
Не згубіўся ў вяках і сягоння дарэчы:
“…Прад матуляй укленчы, Айчынай сваёй,
А яшчэ прад настаўніцай першай укленчы”.

Не забудзь, хто табе адкрываў новы свет,
Хто вучыў шанаваць і Радзіму, і мову.
Пранясі па жыцці гэты сказ-запавет
І сынам перадай як святую замову:

“Дзе б ні быў, ні хадзіў ці адзін, ці з сям’ёй,
У апратцы сялянскай ці, можа, у фрэнчы,
Прад матуляй укленчы, Айчынай сваёй,
А яшчэ прад настаўніцай першай укленчы”.

І тады Бог даруе правіны твае
І падасца жыццё зразумелым і цэльным.
Толькі думка адна мне заснуць не дае:
Вельмі мала сваіх мы настаўнікаў цэнім.

“Дзе б ні быў, ні хадзіў ці адзін, ці з сям’ёй,
У апратцы сялянскай ці, можа, у фрэнчы,
Прад матуляй укленчы, Айчынай сваёй,
А яшчэ прад настаўніцай першай укленчы”.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш ***Ад сівой даўніны мудрых думак сувой - Мікола Шабовіч